Библиотека белорусской литературы

 
Галоўная Раманы А. Мрый Запiскi Самсона Самасуя (скрутак I)
Запiскi Самсона Самасуя (скрутак I) PDF Печать E-mail
Автор: А. Мрый   
11.01.2010 02:00
Индекс материала
Запiскi Самсона Самасуя (скрутак I)
I. АД РОДНАЙ ХАТЫ
ІI. НА НОВЫМ МЕСЦЫ
III. СУВЯЗЬ МАЦНЕЕ
IV. ЖАЎТАРОТЫ ПТУШАНОК
V. ВУЖ ЗАКАХАНЫ
VI. У ШЭРАГАХ МЯШЧАН
VII. УВЯЗАЦЬ, УЗГАДНІЦЬ ТРЭБА...
VIII. ГРАМАДСКАЯ РОШЧЫНА
IX. ТОНКАЯ МЕХАНІКА
X. СМЕРЦЬ МІЛЭДЗІ
XI. ДУШ!
Все страницы

Я скажу ўсім, хто гэтага пачаў бы дамагацца, што я — сучасны чалавек. Маё імя Самсон Самасуй.

Я з мужыкоў.

Мой бацька, дзед, прадзед, прапрадзед, прапрапра... і г. д. усе былі мужыкамі. Я надзвычайна горды тым, што маю мужыцкі твар і асабліва нос у форме бульбы. У залежнасці ад гэтага і розум мой ёсць розум выразна мужыцкі. Мне могуць сказаць, што няма такой катэгорыі, як мужыцкі розум, а я скажу, што ў мяне толькі такі і ёсць.

Далей смела ўсім заяўляю, што бацька мой не кулак. Даю фактычную даведку.

Дзве каровы, конь, жаробка, свіння, здаецца, 4 ці 7 прадстаўніц курынага роду, хата з трыма вакешкамі ды яшчэ рознае нестандартызаванае хаўбосце. Такім чынам, па эканамічнай адзнацы майго бацьку ніяк нельга залічыць да ганебнага стану кулакоў. А з пункту гледжання ідэалогіі, дык не ведаю, як зарэгістраваць яго. Хто можа аб гэтым упэўнена сказаць, калі, як кажа мой прыяцель, філосаф Торба, заблытана чалавечае жыццё і няма ў ім строга акрэсленай наменклатуры.

Другі мой прыяцель, настаўнік Цыба, сказаў мне, што мой бацька, магчыма, і ёсць кулак, бо пытанне аб прыналежнасці да гэтага заалагічнага тыпу вырашаецца часта не лікам кароў ці коней, а настроем і эксплуататарскай чыннасцю.

Вось гэта як у сук улеплена.

Пра сябе скажу, што іншы раз я вельмі абураны ангельскімі імперыялістымі, здаецца, горла ім перарэзаў бы, а ў другі раз салодка мару аб прынадах буржуазнага жыцця. Так салодка мару, што пасля і самому сорамна робіцца. Нават чырванею.

Мой лепшы сябра, настаўнік Мамон, жартуючы, кажа:

— У цябе ўсё мужыцкае, а пуза панскае!

«I праўда!» — думаю я і хачу высветліць прычыны гэтага. Знаходжу толькі адно тлумачэнне для гэтай дыспрапорцыі: прырода вядзе гандаль з маім целам — яна дае мне сыр, масла, хлеб, розныя іншыя карысныя і некарысныя ферменты (не ведаю, ці можна так гаварыць: у мяне нейкі пал да чужаземшчыны). У замену за гэта прырода адбірае ад мяне зусім не вартыя для мяне рэчы, за якія ніхто і шэлега гарэлага не дасць. I вось гэты гандаль з прыродай выклікае ў мяне такую пярэстую разнастайнасць маіх настрояў, эмоцыяў, хаценняў, жаданняў, перажыванняў.

Адна не вельмі разумная жанчына, якую я аднойчы ў вочы назваў індыйскім просам дурра, атэставала мяне як дэкласаванага мешчаніна. Зразумела, гэта зусім не так. Гэта назва выклікана помстай за маю досыць удалую атэстацыю. Праўда, памянёны філосаф Торба адзначыў мяне як класава нявытрыманага байца, сказаў мне, што я неўраўнаважаны (а ён ураўнаважаны?!) чалавек. Няхай сабе так. Скажу толькі, што я сам лічу сябе сучасным і здавальняюча разумным чалавекам, хоць павінен з вялікай неахвотай памянуць пра шапялёўскіх яўрэяў, якія пад нос завуць мяне «мішугэнэ». I гэта нягледзячы на тое, што я ў райвыканкоме ў сваіх руках трымаю важныя спрунжыны культуры і ведаю, што раблю!

Пра мінулае маўчу.

Скажу толькі: я бывалы чалавек.

Мяне матка часта ўпікае:

— Трынку, валынку, свету палавінку аб'ездзіў, свет абкалаціў, ды сюды вараціў!

Некалькі разоў сядзеў я пад арыштам і карміў сваёй чырвонай кроўю блох ды іншых шасцікрылых і шасціногіх херувімаў і сарахвімаў. Ды і не магло быць інакш з маім тэмпераментам.

Спамяну пра адзін выпадак.

У 20 годзе я быў прадагентам. Прыязджаю ў Гомель, і на кожным кроку мне анкеты запаўняць даюць. Хто мой бацька, хто мая матка, што яны рабілі да рэвалюцыі і пасля яе, ці была ў мяне маёмасць, і калі была, дык куды яна дзелася? Да 300 запытанняў было ў той анкеце, якую падсунулі мне ў заезджым доме № 3. На мяне ўссеў д'ябал нейкі. Думаю: дай жа я пажартую з імі, пагляджу, што з іх будзе.

Пішу: да рэвалюцыі быў буйным землеўласнікам, меў 300 000 акраў чарназёму, быў сакратаром пасольства ў Лондане. I шмат яшчэ чаго нахлусіў.

Яны, галубчыкі, і сцапалі мяне. Пасадзілі ў блыхарню і трымалі там, пакуль добра высветлілі, што я ніякім буйным землеўласнікам не быў.

Выпусцілі мяне, але кар'ера мая была сапсавана, і я доўга не мог знайсці сабе месца, якое адпавядала б маім здольнасцям. Праз год я знайшоў сабе пасаду, і пра гэта будуць гаварыць мае запіскі.

Цяпер жа скажу, чаму я сеў за стол і пачаў пісаць.

Яшчэ тры гады назад я неяк напісаў у газету карэспандэнцыю аб выбрыках старшыні кааператыву і прачытаў яе асобе, якая для мяне даражэй за ўсё на свеце. I яна сказала мне:

— Пішы, пішы! З цябе, можа, і выпішацца што!

Гэтыя словы, як маланкай, спалілі мяне. Як вар'ят, хадзіў я па пакоі і мармытаў сабе гэтыя словы:

— Пішы, пішы! Можа, што і выпішацца!

Цяпер я і пішу.

Але я не паперапсуй, пішу зусім не для таго, каб бачылі ўсе напісанае мною. Розум мой даўно прайшоў эмбрыянальную стадыю ў жыцці. У маім цяперашнім пакоі я павесіў на сцяне плакат са словамі аднаго вучонага, які сказаў:

— Каб мы ведалі ўсе дробязі жыцця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі б не зрабіць!

Вось я і пішу свае запіскі. У іх буду гаварыць аб дробязях свайго жыцця: як я з бацькам пасварыўся, як паехаў я шукаць свайго шчасця, як хацеў там пашыраць сваё фізічнае «я» і як з гэтага нічога не выйшла.

Сам я не надаю ўсяму гэтаму вялікага значэння. У сусветныя маштабы не веру.

Але мой сябра, настаўнік Мамон, каторы ўвесь час штурхае мяне на шлях славы, кажа мне, як Мефістофель:

— Твае мемуары будуць перакладзены на нямецкую, ангельскую, французскую і нават готэнтоцкую мовы! Каб я меў час і здольнасць, я зараз пачаў бы перакладаць на гэтыя 4 мовы.

Заўважце, што ў настаўніка Мамона ёсць вельмі складаныя абавязкі мужа, бацькі, сына, загадчыка, рэвізора 7 устаноў і прамоўцы на ўсіх пасяджэннях і нарадах. Калі ён гаворыць так, значыцца, мае запіскі маюць значэнне, якое выходзіць за межы маёй асобы.

Гэта мне паддае жару, і ў поўнай свядомасці і цвёрдай памяці я пачынаю свае запіскі.

 



Обновлено 13.01.2010 00:59
 

У дапамогу настаўнiку

Пошук на сайце


[+]
Каталог TUT.BY