|
Пазакласная праца па беларускай мове і лiтаратуры
1 вучань
...Помню, ў піліпаўку гэта было. Ой, спаганяў снег ахвоту! Долы, дарогі як ёсць занясло; Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі, З трэскам марозы гасілі ў сцяну, Птушак у лёце глушылі...
Ночка над вёскай. Во ў хаце аднэй Курыцца дымна лучына. Месціць хацінка са жменю людзей: Бацьку, матулю і сына. (Я. Купала. «У піліпаўку»)
2 вучань Бацька, сагнуўшысь, сядзіць за сталом; Блудны прытухлыя вочы ... Печку падпёршы схудалым плячом, Маці паціху хліпоча.
Далей, ля сценкі, палочак стаіць. Думкі бацькоў там аж млелі; Сын іх, Сымонка, тры дні там ляжыць, Тры дні на божай пасцелі...
З самых дзён малку Сымона свайго Так гадавалі, пясцілі! Меці на старасць падпору з яго Думкі супольна раілі.
Малец - як лялька, крапячы, як дуб, Прызыў падходзіў на лета, - Высах, як счэпка, стаў ціхі, як слуп, - Песня няпетая спета! (Я. Купала. «У піліпаўку»)
3 вучань Піліпаўка пачыналася 28 лістапада. Яна прыпадала на самы змрочны час года, калі і дзень кароткі, і ноч бяссонная, і надвор'е хмарнае, дажджлівае, а часам і са снегам. Бязлістыя дрэвы, макрэча, гразь. Заміранне прыроды, як засыпанне ў перазім'е. Палі апусцелі, сцішэлі, накрыліся сівымі туманамі. Ваўчыныя згроа ходзяць паблізу людскога жылля. Ваўчынае выццё — знак гэтага часу. "На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые."
Гэтыя радкі паэта дакладна характарызуюць час, дарэчы, калі хто моцна плача, а яму не спачуваюць, кажуць: "Вые, як воўк у піліпаўку."
4 вучань Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На узбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, Удзірванелы курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім, Сухазелле ў грудзі ўпілося, Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе; У піліпаўку воўк нема вые, Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, Ен стаіць - гэта памяць людская, паказ, Толькі гутарка ходзіць такая. (Я. Купала. «Курган»)
5 вучань Пасты - асаблівыя перыяды ў гадавым абрадавым цыкле беларусаў, калі вернікам забаранялася ўжываць скаромную ежу, ладзіць ігрышчы, вяселлі, гучна спяваць. Пасты ўстанавіла хрысціянская царква, якая патрабавала стрыманасці, духоўнай сканцэнтраванасці вернікаў, іх скіраванасці на чаканне вялікага свята Нараджэння Божага, альбо, па-даўнейшаму, Калядаў. Самымі працяглымі былі Вялікі пост \7 тыдняў\ перад Вялікаднём і Піліпаўскі, або Піліпаўка \6 ці 4 тыдні ў залежнасці ад канфесіі\ перад Калядамі.
6 вучань Лучына гарыць невясёла, як заўсёды. Угару ідзе ад яе палавы дым. Часам яна дыміць, часам дужа разгарыцца, часам стужачкаю жоўтаю пяе пра зіму пра маркоту: джжж... На мост валіцца чорнае вуголле. Адтуль, дзе гарыць лучына, цягне цяплом у сцюдзёнай, сумнай хаце. Ціха. Матка сядзіць на палу і маўкліва прадзе, толькі верацяно трынкае. На калодцы сярод хаты сядзіць бацька; дастае з чыгуна, з цёплай вады кружкі лык, раскручвае іх на руку ў другі бок і кроіць, адкідаючы тонкія, даўгія акраўкі, з якіх малыя дзеці плятуць лапці, каб наўчыцца плесці, не псуючы добрых лык. "Кату лапці", скажа нязюклівы бацька на тое няўмельства. Паправіць матка лучыніну, адаб'е вугаль, каб яна не дыміла. Тады возьме верацяно ў складзеныя далонямі рукі, як складаюць іх каталікі, молячыся, і раптам цярне іх адана аб адну...
7 вучань Верацяно, павіснуўшы на нітцы, доўга-доўга круціцца, аж пакуль матка не падхопіць яго. А падхапіўшы, яна шыбка-шыбка наматвае нітку спярша з большага на руку, а тады зараз, ужо як мае быць, - на вераценца. I скубе, і скубе яна леваю рукою мычку, часам дужа скоранька насліньваючы аб язык самы працавіты палец. I хлопчык мімаволі варушыць сваім такім жа пальцам. А яна цягне і цягне рукою ад сябе, круцячы верацяно, — убок, убок — і далёка наадмах, аж пакуль хапае тэй рукі. Ад яе працы (любая мамачка!) - вее ў сэрца з асцюдзянелае хаты цёплым сумам. Гэтак цягнецца і вее сумам нашае жыццё... Ад яе верацяна звініць нудны і слабы, як камарыны гук, даўгі, безупынны і жаласлівы, як гэтая даўгая, цёмная, сумная зімовая ноч, з познымі вечарамі і раннімі досвіткамі: трынь-трынь-трынь!.. (М. Гарэцкi. «Цiхая плынь»)
8 вучань У піліпаўскія вечары людзі збіраліся ў сваіх хатах. (Не дай Божа заначаваць у дарозе, у лесе). Мужчыны займаліся рамяством; выраблялі патрэбныя прылады працы: бочкі, цэбры, кублы; плялі лапці, кошыкі, лубкі; шылі, рамантавілі скураны абутак, зброю. Жанчыны апрацоўвалі лён, а потым пралі, пралі, пралі... ("Хто ў Піліпаўку спрадзе, той Вялікі пост сатчэ.") Тое, што ў хаце на доўгі час збіралася шматлюдная, шматпакаленная сям'я, мела вялікае значэнне ў духоўным жыцці. Тут перадаваўся жыццёвы вопыт, народная мудрасць. Дзядулі і бабулі расказвалі сваім унукам розныя казкі, міоры, паданні, вучылі разгадваць загадкі, паказвалі прыёмы рамяства - з цікавасцю за працай бавілі час. Дарослая моладзь гуртавалася ў асобныя групы: "попрадкі", "супрадкі", "вечарушкі", дзе панавала жыццярадасная атмасфера.
9 вучань Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова "снег". Снежань - найбольш пахмурны месяц у годзе. У ім ёсць і самы кароткі дзень года - 21-га або 22-га (7-8 гадзін). Здавён у гэтым месяцы асноўная праца сялян пераходзіла ў хату. Доўгімі зімовымі вечарамі гарэла лучына ў пасеце ці на лучніку. Мужчыны знаходзілі занятак, які быў звязаны з дробным рамяством, рамонтам. Жанчыны ж пасля сядзення за грэбенем ці прасніцаю браліся ткаць кросны. Раней яны стаялі амаль у кожнай хаце. Снежань жыў чаканнем калядных свят.
Юрый
Зіма ў сіле. 9 снежня адзначаўся Юр'еў дзень. "Ёсць на свеце два Юр'і і абодва дурні: адзін халодны, а другі галодны", "Юра мосціць, а Мікола гвоздзіць", "Да Юр'я хлеба і ў дурня". Юрый лічыўся апекуном хатняй і лясной жывёлы, ваўкоў. У гэты дзень ён нібы выпускаў ваўкоў аж да вясенняга Юр'я. Гаспадары аглядалі кароў, коней: падразалі хвасты, падстропалі грывы. Больш не выганялі на пашу кароў, бо "Юрый ужэ дае ваўкам свабоду". Вядома гістарычная прыказка: "Вось табе, бабуля, і Юр'еў дзень". Ад Юр'я сялянам не дазвалялася пераходзіць на службу ад аднаго пана да другога.
Варвара
17 снежня адзначаецца Варвара - гэта прысвятак. Раней адзначалi дзень зімовага санцастаяння, таму шмат распаўсюджана прымавак: "Варвара ноч урвала, а дзень надтачыла", "Мікола і Варвара ноч урвалі", "Прыйдзе Варвара, маразы і завараць", "Як ударыць Варвара, беражы нос ды вуха". У гэты дзень пастухі збіралі "варваршчыну" - традыцыйную плату. Жанчыны не пралі, бо нібыта "Варвара верацёнамі замучана". Прысвятак лічыўся сярэдзінай Каляднага пасту, і асабліва ўшаноўваўся, каб жывёла і дзеці не ўвальваліся ў ваду і не тапіліся. Усе частаваліся варанымі ці печанымі варэнікамі з макам або мёдам.
19 снежня. Мікола Зімовы
Багата адлюстраваны ў прымаўках: "Варвара мосціць, а Мікола гвоздзіць", "Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета", "Ніводнаму Міколе не вер ніколі", "Зімовы Мікола каня заганяе". Хаця Міколам "не верылі", аднак прыкметы існавалі. Лічылі, што калі да Міколы не выпадзе снег, то доўга не зазелянее трава. Некалі ў гэты дзень праводзілі Мікольшчыну - свята свечкі. Гаспадар, які меў мікольскую свечку, частаваў "братчыкаў". Затым запаленую свечку ставілі ў лубок з жытам і пераносілі ў суседнюю хату, дзе ў наступным годзе меліся адзначаць Мікольшчыну. Дзяўчаты клікалі хлопцаў на "мікольскія бліны".
Ганна
22 снежня. Ганна - прысвятак. Да каляд застаецца роўна два тыдні. "Ганкі - палічаны дзянькі", "Ганны - прыбавіцца багата дня". Найбольш распаўсюджана прымаўка: "На Ганкі сядайце на санкі". У Іванаўскім раёне гавораць: "На Ганкі запрагалі каня ў санкі".
10 вучань Восенню палыннаю, Доўгаю зімой Пахла там аўчынаю, Пражай ільняной. Там гудзеў да раніцы Матчын калаўрот - Хатні друг настаўніцы, Чорны ад турбот, - Бурам падпяваючы Тонкім галаском, Дым лучын хістаючы Шпулькі вецярком. Ночкамі нядзельнымі Маці ніткі там З барады кудзельнае Выскубала нам. Грукаючы кроснамі, Ткала да відна Там з тых нітак вёснамі Сцежкі з палатна. Слала іх пад вокнамі I са сцежак тых Восенню сарочкі нам Шыла, каб ў іх Зімнімі нядзелямі З прагнасцю - праз год, Барадзе кудзельнай мы Зноў глядзелі ў рот. (А. Куляшоў. «Далёка да акiяна»)
Шыючы, прадучы або скубаючы пер'е, жанчыны пачыналі павольна спяваць у такт сваёй працы. (Гучыць песня)
11 вучань На Піліпаўскі пост прыпадаў дзень святога Андрэя, калі дзеўкі варажылі на будучага жаніха. Стараліся ўгадаць, прысніць яго. Найбольш вядомым з варожбаў было сеянне канапель, маку ці чаго іншага, калі прыгаворвалі: "На святога Андрэйку сею канапельку, дай жа ты мне знаць, з кім буду жаць", альбо "Святы Андрэю я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім буду жаць". Потым моўчкі трэба было легчы спаць. Суджаны павінен быў з'явіцца ў сне.
Матэрыял для гледачоў
На вячорках звычайна не толькі спяваліся песні, загадваліся загадкі, расказваліся цікавыя гісторыі. Мабыць нашым гасцям стала крыху сумна, тады паспрабуйце адгадаць нашы загадкі.
1-я гісторыя.
Зараз і я раскажу. Адзін пан паслаў слугу па грушы і сказаў: - Купі мне самых лепшых. Слуга пайшоў у краму і папрасіў груш. Купец падаў яму. Але слуга сказаў: - Не, дайце мне самых лепшых. Купец кажа: - Паспрабуй адну, тады пазнаеш, што ўсе добрыя. - Як я пазнаю, - кажа слуга, - што яны ўсе добрыя, калі паспрабую толькі адну? I слуга паадкусваў патрохі ад кожнай і прынёс іх пану.
2-я гісторыя.
Унук пытае: - Бабулька, а ці дорага каштуе дзірка ад абаранка? - А нічога не каштуе, яе без грошай даюць - кажа бабулька. - Тады хай бы рабілі болыпыя дзіркі ў абаранках.
Падрыхтавала: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Данілюк В.С.
 |